Школа была адкрыта ў 1978 годзе і разлічана на 320 месцаў. Зараз у школе навучаецца 144 дзіцяці, працуе 23 педагогі. Педагогі школы ўмела накіроўваюць і карэктуюць вучэбную дзейнасць сваіх выхаванцаў, ствараюць умовы для іх творчага развіцця. Школа мае сваю сімволіку: сцяг, герб, гімн. У аграгарадку Мір на тэрыторыі якога размешчана школа, дзейнічае лыжа-ролерная траса, ініцыятарам будаўніцтва якой выступіў былы дырэктар школы А.М. Жук. Гэта добрая база для правядзення трэніровак, спаборніцтваў, спартыўных святаў, а для моцных падлеткаў траса - выдатная магчымасць для развіцця сваіх здольнасцяў. Вучні паспяхова выступаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Так, юныя спартсмены з'яўляюцца членамі зборнай каманды вобласці па лыжных гонках і біятлоне. Выпускнікі Яўген Шалік і Кісціна Вераніка - чэмпіёны рэспублікі па гэтых відах спорту, а таксама ў стральбе з пнеўматычнай зброі ў спаборніцтвах "Снежны снайпер". З 2012 года школа афіцыйна прызнана базавай навучальнай установай на Брэстчыне па біятлоне.
Сімволіка Мірскай школы
Сцяг ДУА "Мірская сярэдняя школа"
быў распрацаваны і прыняты ў 2007 г.
Блакітны колер сцяга – колер неба, надзеі, аптымізму – гэта нашы гарызонты мэт, бязмежныя і невычэрпныя. Блакітны колер адпавядае гістарычнаму колеру Брэсцкага ваяводства.
Белы колер – чысціня памкненняў, адчыненая чыстая старонка, на якой нашымі настаўнікамі і вучнямі будуць напісаны словы, што прывядуць да разумення ісціны, дабра і прыгажосці.
Трохкутнік на сцягу – гэта сімвал устойлівасці ад усіх знешніх уздзеянняў, вострыя вуглы – сімвалы вастрыні розуму, увагі. Настойлівасці, волі, мэтанакіраванасці.
Гэта сімвал трыадзінства: Вучні – Настаўнікі – Бацькі.
Герб школы
Герб - сімвалічная эмблема, у прыватнасці для нас - візуальны адпаведнік школы. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (галоўны атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, кленод (фігура на шлеме), намёт, якім закрывалі шлем ад сонца, карона. Для школьнага герба мы ўзялі наступныя элементы: выгляд шчыта і карону. Плошча герба падзелена на чатыры часткі, якія сімвалізуюць сабой якасці, патрэбныя кожнай асобе: самастойнасць, выхаванасць, смеласць, адукаванасць.
ЗНАЧЭННЕ КАЛЯРОВАЙ ГАММЫ
ЧЫРВОНЫ КОЛЕР з’яўляецца сімвалам духоўнага і фізічнага здароўя.
ЗЯЛЁНЫ КОЛЕР сімвалізуе духоўную маладосць кожнага, хто навучаецца і вучыць у Мірскай школе, а таксама сімвал спадзяванняў і веры.
БЛАКІТНЫ КОЛЕР сімвалізуе любоў да азёрнай Беларусі, да ўсяго, што складае духоўную і матэрыяльную спадчыну краіны.
ЖОЎТЫ КОЛЕР сімвал станоўчай энергіі, якая падтрымлівае гармонію жыцця ў школе паміж вучнямі , паміж вучнямі і настаўнікамі. Энергія школьнага жыцця тоесная энергіі сонца, якая падтрымлівае жыццё на Зямлі.
ЗНАЧЭННЕ РАЗМЕШЧАННЫХ НА ГЕРБЕ ВЫЯЎ
Кніга – сімвал ведаў, дапытлівасці, адной з галоўных крыніц радасці мыслення.
Формула энергіі: энергія кожнага вучня і настаўніка зліваецца ў адзіную энергетычную плынь, якая дазваляе нам існаваць і заяўляць пра сябе як асоб цікавых, адукаваных, заклапочаных лёсам сваёй школы і Айчыны.
Камп’ютар – сімвал сучаснасці, хуткай абнаўляльнасці кожнага, хто навучаецца і працуе ў Мірскай СШ. Ён сведчыць пра тое, што ўсе мы крочым у ногу з часам, адчуваем змены ў грамадстве і чуйна рэагуем на іх.
Выява будовы атама сімвалізуе тое, што ўсе мы ўяўляем сабой адзіны, правільна пабудаваны "атам”, дзе кожны на сваім узроўні грунтоўна і якасна выконвае сваю работу.
Усё вышэйпералічанае дазваляе нашай школе насіць ганаровае званне Каралевы, твар якой – якасная адукацыя і выхаванне.
Звярніце ўвагу на КАРОНУ, якая ўвянчала нашу цудоўную, родную, непаўторную, адзіную Мірскую школу.
Гімн школы (спяваем разам)
1. Мы ўсе, Беларусь, твае дзеці
Нашчадкі Скарынавых спраў,
А лепшае месца на свеце,
Дзе першы званок прагучаў.
Настаўнікі – нашы дарадцы,
І што ні ўрок – адкрыццё,
А цяжкасцяў нам не збаяцца:
Мы песняй вітаем жыццё.
Прыпеў:
Родная школа, а мы маладыя,
І з кнігай сябруе вучнёўскі наш гурт.
Мірская школа – два словы святыя,
Для кожнага, хто навучаецца тут.
2. І кожны ў нас – малайчына!
Спяшаемся мы з класа ў клас,
Хай славіцца наша Айчына
І збудуцца мары ў нас!
Нам школай сваёй ганарыцца!
Так весела крочыць сюды!
А вырасцем – будуць нам сніцца
І клікаць дзяцінства гады.
Прыпеў.