Планёрка ў незвычайным фармаце прайшла 15 снежня ў старшыні Баранавіцкага райвыканкама Сяргея Карпенкі. На ёй прысутнічалі... Дзяды Маразы.
- 15 снежня ў нашай краіне стартуе традыцыйная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", яе гісторыя ўжо налічвае больш за чвэрць стагоддзя, - падкрэсліў Сяргей Віктаравіч. - Задача гэтай добрай акцыі - акружыць цяплом і клопатам маленькіх жыхароў Беларусі, у першую чаргу, выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў сямейнага тыпу, школ-інтэрнатаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, пацыентаў дзіцячых бальніц і рэабілітацыйных цэнтраў, якія асабліва востра маюць патрэбу ва ўвазе ў навагоднія і калядныя дні. І сёння Баранавіцкі раён дае старт акцыі разам з усёй краінай.
Кіраўнік раёна добрым чараўнікам, а іх 14 - па колькасці сельскіх Саветаў Баранавіцкага раёна, паставіў святочныя задачы:
- 15 снежня ў 18.00 запаліць навагоднія ёлкі на галоўных сядзібах кожнага сельскага Савета;
- 21 снежня правесці раённую дабрачынную ёлку ў Доме культуры аграгарадка Жамчужнага;
- 22 снежня правесці дабрачынную ёлку ў Гарадзішчанскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;
- да 26 снежня запаліць ёлкі ва ўсіх дзіцячых садах і школах раёна;
- 27 снежня правесці свята і запаліць ёлку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;
- 3 студзеня павіншаваць падапечных Ляснянскага дома-інтэрната і даць старт акцыі "Ад усёй душы";
- самым паслухмяным і таленавітым дзецям даставіць навагоднія падарункі дадому.