Апошні дзень трэцяй чвэрці ў Мірскай сярэдняй школе правялі крэатыўна: пятніца была абвешчана "Днём без рукзакоў".
Мэтай правядзення гэтай акцыі было навучыць школьнікаў прымаць рацыянальныя рашэнні. Для ўдзелу ў мерапрыемстве навучэнцам было прапанавана праявіць арыгінальнасць і прынесці неабходныя школьныя прыналежнасці ў чым заўгодна, але толькі не ў школьным рукзаке або партфелі.
У чым толькі не дастаўляліся ў гэты дзень падручнікі і сшыткі: гэта былі каробкі з-пад абутку і вёдры, кантэйнеры і дзіцячыя каляскі, тазы для бялізны і чамаданчыкі для аўтамабільных і слясарных інструментаў, ёмістасці для рыбалкі і рознакаляровыя пакеты і шаперы. Самымі крэатыўнымі формамі дастаўкі былі прызнаныя падушка, кошык і клунак на палцы.