МНС запускае новы брэнд-пакет "У стыхіі няма сэрца"
У нашай краіне штогод канстатуюцца выпадкі гібелі і траўматызму дзяцей. Лічбы статыстыкі не змогуць пакінуць абыякавымі ніводнага дарослага: у 2022 годзе на пажарах загінулі 14 дзяцей, у 2023 годзе - 9, з пачатку 2024 года зафіксавана 6 выпадкаў дзіцячай гібелі. Згодна з аператыўнай інфармацыяй АСВОД у 2022 годзе на вадаёмах патанулі 26 дзяцей, у 2023 годзе - 21, з пачатку 2024 года патанулі 17 дзяцей.
Часцяком вырашальным фактарам ва ўзнікненні падобных здарэнняў з'яўляецца адсутнасць кантролю з боку дарослых. Каб у чарговы раз звярнуць увагу бацькоў на існуючую сацыяльную праблему, папярэдзіць гібель дзяцей на пажарах і вадаёмах, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь распрацаваны брэнд-пакет "У стыхіі няма сэрца", асноўнай мэтавай аўдыторыяй якога з'яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да катэгорыі "бацькі".
Мэта брэнд-пакета - прыцягненне ўвагі бацькоў да праблемы дзіцячай гібелі на пажарах і вадаёмах; аказанне ўплыву на фарміраванне адказнага стаўлення бацькоў да бяспекі дзяцей. Тэрмін правядзення: ліпень 2024 года - жнівень 2025 года.
Многія бацькі недаацэньваюць ці нават ігнаруюць рызыкі мноства патэнцыйна небяспечных сітуацый. У такім выпадку, каб дакладна дастукацца да самых бестурботных, выклікаць у бацькоў пачуццё занепакоенасці, прабіць сцяну абыякавасці і прымусіць задумацца аб бяспецы сваіх дзяцей, узнікла ідэя паказаць праз зразумелыя для ўсіх сімвалы - дзіцячую цацку і сэрца, якія небяспекі чакаюць дзяцей ва ўладзе стыхіі, калі бацькі пакідаюць іх без нагляду.
Вы чуеце, як б'ецца сэрца дзіцяці, якое трапіла ў бяду? Сэрца маці, якое сціскаецца ад болю? Ці сэрца выратавальніка? А ці ёсць у стыхіі сэрца? Не! Менавіта гэты сэнсавы пасыл крыецца ў ёмістым слогане: "У стыхіі няма сэрца". Гэтая фраза ў поўнай меры паказвае магчымыя наступствы безадказнага стаўлення да бяспекі дзяцей.
Для максімальнага распаўсюджвання інфармацыйнай кампаніі ў горадзе і раёне з'явяцца яркія білборды, а лістоўкі з карыснай інфармацыяй запоўняць інтэрнет-прастору і абновяць стэнды ва ўсіх грамадскіх месцах, у арганізацыях і ўстановах.
Не заставайцеся ў баку і вы: далучайцеся да кампаніі і забяспечце бяспечнае дзяцінства сваім дзецям!