"Не пакідаць дзіця аднаго" - правіла, якое павінна бесперапынна гучаць у галаве ў кожнага з бацькоў. Часта менавіта з-за грэбавання гэтай вялікай праўдай здараюцца непапраўныя трагедыі, якія пакідаюць глыбокі след на сэрцы і адклікаюцца невымоўным болем на працягу ўсяго наступнага жыцця.
З мэтай прыцягнення ўвагі да праблем дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэння іх агульнай бяспекі (дома, на вуліцы, у месцах адпачынку, на вадаёме і інш.) з 15 мая па 1 чэрвеня 2024 пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Не пакідайце дзяцей адных!».
У рамках акцыі будуць праходзіць мерапрыемствы ў месцах з масавым знаходжаннем людзей, ва ўстановах аховы здароўя, ва ўстановах адукацыі, у дзіцячых дамах-інтэрнатах. Таксама работнікі МНС не пакінуць без увагі шматдзетныя сем'і і сем'і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, нагададваючы ім аб інфармацыйнай кампаніі "Будзь побач з дзіцем!".
Фінальныя мерапрыемствы пройдуць на адкрытых пляцоўках у парках ля кінатэатраў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў.
Традыцыйна на працягу ўсёй акцыі МНС будзе актыўна супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі. Тэматычныя старонкі, у тым ліку дзіцячыя, з'явяцца на старонках перыядычных выданняў.
Далучайцеся да акцыі МНС, дзяліцеся карыснай інфармацыяй з роднымі і блізкімі, сябрамі і суседзямі!
Баранавіцкі гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях таксама інфармуе, што за бягучы перыяд 2024 года на тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 32 пажары, у агні загінулі 8 чалавек. Адной з асноўных прычын пажараў з'яўляецца дзіцячае свавольства з агнём.
Ратавальнікі заклікаюць не пакідаць маленькіх дзяцей адных: вы заўсёды павінны быць побач з імі на адлегласці выцягнутай рукі. Навучайце дзяцей пытанням бяспекі і будзьце для іх прыкладам. Сачыце, каб запалкі не патрапілі ў рукі маленькім дзецям. У выпадку выяўлення пажару неадкладна паведамляйце аб гэтым па тэлефонах 101 ці 112.