Мірская сярэдняя школа будзе насіць імя Героя Савецкага Саюза Рыгора Анатольевіча Чакмянёва. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай значнай для Баранавіцкага раёна падзеі, адбылося сёння ў нашай навучальнай установе.
Ганаровымі гасцямі школы ў гэты дзень сталі кіраўнік Баранавіцкага раёна Сяргей Карпенка, намеснік Баранавіцкага міжраённага пракурора Ірына Навіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Барысевіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Цымбаленка.
У гэты дзень па відэасувязі на мерапрыемстве хоць віртуальна, але ўсё ж прысутнічаў пляменнік Рыгора Чакмянёва - Уладзімір Ваулін, які жыве ў Расіі.
У фае другога паверха школы размясцілася экспазіцыя, прысвечаная Герою, а ля ўвахода ва ўстанову з'явілася свежая таблічка з абноўленай назвай - Мірская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Г.А. Чакмянёва.
Напрыканцы мерапрыемства ганаровыя госці і школьнікі адправіліся ў пасёлак Першамайскі, дзе ўсклалі кветкі да падножжа брацкай магілы, дзе пахавана 26 абаронцаў нашай зямлі, сярод якіх і старшы лейтэнант Чакмянёў. Будзем памятаць.